Движение
Мероприятия
Новости
Библиотека
Ярмарка
Общение

Родовые поместья и экопоселения Беларусь статистика ecoby.info
По любым вопросам пишите на почту info@ecoby.info

Вход

:

:

Запомнить

Белорусский рейтинг MyMinsk.comКаталог TUT.BY
RATING ALL.BYRambler's Top100
Экодомпроект. Экодома с нулевым энергопотреблением
Яндекс.Метрика

Людзі на зямлі - рэпорт з паселішча родавых маёнткаў «Звон-Гара»

Дата
2016-02-01
Автор
Ратмир
Просмотров
2459
Тип
у нас

Сталічныя снобы з каманды 34mag вельмі любяць зазірнуць глыбока ў правінцыю і адчуць пах роднай зямелькі. Гэтым разам наш востры позірк трапіў на пасяленне родавых маёнткаў «Звон-Гара» – самае буйное ў Віцебскай вобласці і другое па памерах у Беларусі. Гэта паселішча некалькіх сем’яў, якія ўцяклі ад гарадской мітусні і пабудавалі свае дамы на месцы закінутай вёскі. Тут не п'юць, не паляць, не мацюкаюцца, шануюць старабеларускія традыцыі і пры гэтым застаюцца ў добрых стасунках са знешнім капіталістычным светам. Агент 34mag Таня Капітонава кідае сабе выклік і на два дні выпраўляецца на выведку.

 

Узлезці на гару

Пастаянныя пошукі месцаў сілы, ніяк не пазначаных на google maps, часам адкрываюць нам дзівосныя ўзоры жыцця. Чым далей ад Менска, тым выразней змяняюцца пахі са штучных на арганічныя. Водар парфумы на вакзале пераходзіць у смурод ад чыпсаў і вараных яек у цягніку, а затым, ужо ў глухмені, надыходзіць час адчуць дух бабулек з бурачнымі шчокамі і амбрэ ад закатак.

Чым бліжэй да родавага паселішча «Звон-Гара», тым больш вострым становіцца мой нюх. Ужо некалькі тыдняў я жыву ў чаканні трыпу ў гэтыя краі. Да мяне дайшлі чуткі, што дзесьці ў глыбокай глушы некалькі сем’яў ужо дзесяць гадоў жывуць па нейкіх старабеларускіх абрадах, катаюцца ў запрэжках з сабакамі, абліваюцца ледзяной вадой і імкнуцца палепшыць навакольны свет, пачаўшы з сябе. Такі ідэйны лад жыцця чапляе, і я дамаўляюся пра дату прыезду з Алай – гаспадыняй аднаго з дамоў і актыўнай карыстальніцай сацсетак. Напярэдадні я вывучаю афіцыйны сайт, але знаходжу там толькі навіны шматгадовай даўніны і некалькі напаўжывых блогаў. Цікавасць уяўляе статут месца, у якім дасканала апісана літаральна кожнае дзеянне патэнцыйных будучых суседзяў.

Усяго ў Беларусі на дадзены момант налічваецца некалькі дзясяткаў родавых паселішчаў, у якіх пражывае каля 500 чалавек (дадзеныя сайта Ecoby.info). Шлях да абранага мной паселішча не блізкі: даехаўшы за пяць гадзінаў з Менска да Віцебска ў цесным плацкарце і пракаціўшыся гадзіну на аўтобусе, я апыняюся in the middle of nowhere і разгублена азіраюся. Зараз трэба прайсці пешшу пяць кіламетраў, каб дабрацца да паселішча. Але ў якім кірунку ісці, застаецца загадкай. З аднаго боку дарогі стаіць пару скрыўленых дамоў, з другога – самотны прыпынак чакае сваіх наведнікаў.

«Усяго ў Беларусі на дадзены момант налічваецца некалькі дзясяткаў родавых паселішчаў, у якіх пражывае каля 500 чалавек»

Вецер настойліва заляцаецца да мяне, пакуль у тэлефоне чуюцца доўгія гудкі: Ала не бярэ трубку. Нарэшце чую: «Прабачце, клала сыночка спаць і таму адключыла мабільны. А вам трэба прайсці ўздоўж палёў – за хвілін сорак справіцеся. Зрэшты, можаце смела спыняць спадарожкі – у нас прынята падвозіць адно аднаго». Першая ж машына абдае мяне струменьчыкам бруднавата снегу і хаваецца ў прыцемках.

За стырном другога аўтамабіля аказваецца вытанчаная маладая жанчына па імені Эма. Разам з маленькай дачкой і знаёмай парай яны едуць да сяброў са «Звон-Гары». Прыглушыўшы гукі стараславянскіх мелодый з магнітолы, Эма папярэджвае: «Калі прыедзем на месца, не ўздумайце паліць. Горцы будуюць сваё паселішча экалагічна чыстым, таму і ўсе, хто прыязджае, павінны гэтаму адпавядаць».

Я засцярожаная гэткай катэгарычнасцю і, унутрана сабраўшыся, рыхтуюся ўважліва назіраць.

 

 

Першае ўражанне

Ужо ў цемры мы звільваем каля шыльдачкі «Паселішча родавых маёнткаў “Звон-Гара”» і заязджаем у паўпустынную вёску, у якой стаіць каля 15 дамоў. Старэнькія хаткі, усяго пяць штук, змешваюцца з новымі пабудовамі, а па дарогах бесклапотна бегае ахапак шумных дзяцей. Крыху пазней мне становіцца вядома, што тутэйшым дзецям даюць старадаўнія імёны – Дабрана, Елізар, Лада, Ведамір, Русава, Святагор, Леля, Святаяр. Яны цягнуць мяне за рукавы, заводзяць у невялікую хатку і адразу пачынаюць уключаць у гульні. Бабуля, якая варожыць над вячэрай на кухні, весела ўсміхаецца: «Каб гуляць з дзецьмі, трэба самому стаць дзіцем». Неўзабаве яна накрывае шчодры стол з вегетарыянскіх страў, і за вячэрай мы ўпершыню пачынаем гутарыць. З некаторым падазрэннем Эма задае пытанні пра мэту маёй паездкі, пакуль бабуля дабратліва падкладае салаты, а дзеткі бесклапотна малтяюць нагамі. Алены і Аляксандра, гаспадароў, зараз няма: Алена прадстаўляе экапрадукцыю свайго радавога селішча на выставе ў Менску, а Аляксандр знаходзіцца на будаўнічых працах.

Пасля гэтага няёмкага пасвячэння мы пераходзім у суседні, больш прасторны дом, дзе жыве цэлы сямейны атрад: станістая Ала, яе муж Улад, іх мітуслівыя дочкі Лада і Дабрана, паўтарагадовы сын Ведамір і маці Улада. Таксама ўжо не першы дзень у іх гасцюе Сяргей з расійскага радавога селішча «Каўчэг». Калі ў папярэднім доме часам узнікала звонкая цішыня, то тут крыкі дзяцей і размовы дарослых не змаўкаюць ні на секунду. Але ж ні ў адной з хат я пакуль не адчуваю сябе камфортна.

«Тутэйшым дзецям даюць старадаўнія імёны – Дабрана, Елізар, Лада, Ведамір, Русава, Святагор, Леля, Святаяр»

Усе тутэйшыя мужчыны быццам сышлі са старонак кнігі пра Рабінзона Круза: мускулістыя, барадатыя, гатовыя пяткай раскалоць какос і здабыць ежу для ўсёй сям’і. Яны пастаянна будуюць і ўладкоўваюць свае дамы і прыбудовы, пакуль іх жанчыны займаюцца сельскай гаспадаркай і гатаваннем. Здаецца, што ўсе задаволеныя такім станам рэчаў.

Каб зноў паспытаць удачы ў размове, я перамяшчаюся да абедзеннага стала, але і тут трапляю пад абстрэл пытанняў ад Улада і Сяргея. Ужо некалькі гадзін да мяне ставяцца як да шпіёна, і гэта пачынае парадкам надакучаць. Але хутка разумею чаму – сюды пастаянна прыязджаюць рэпарцёры, а на днях у горцаў быў прамы эфір на віцебскім тэлеканале. Уладзіслаў тлумачыць: «У нас цяпер такі насычаны графік, што мы адчуваем сябе зоркамі. Мы нават не здольныя прыняць да сябе столькі журналістаў, колькі да нас хочуць. Але ў цябе ёсць час і зацікаўленасць, таму з табой мы пагаворым адкрыта».

 

 

Філасофія «горцаў»

Калі гутарка нарэшце становіцца больш даверлівай, «горцы» пачынаюць кранальна дзяліцца сваёй жыццёвай філасофіяй. У асноўным гаворыць Улад – невысокі, каржакаваты, бацька траіх дзетак, сам нарадзіўся ў вёсцы, некаторы час жыў у горадзе, а потым вырашыў вярнуцца да каранёў. Ён размаўляе на сумесі беларускай і рускай мовы, падаецца вельмі ўпэўненым у сваіх меркаваннях і таму спантанна бярэ на сябе ролю ідэолага ў размове. Улад расказвае: «Мы пабудавалі радавы маёнтак не толькі для захавання і працягу свайго роду. Наша глабальная мэта – удасканаленне асяроддзя пражывання. Мы хочам, каб прачнуліся ўсе людзі, якія цяпер спяць на нашай планеце. І зразумелі, што мы зямляне, а не нейкія там марсіяне. І жыць нам трэба на зямельцы роднай, а не ў марсіянскіх калоніях. Мы хочам, каб нашы дзеці засталіся тут і працягвалі нашы традыцыі. Калі яны вырастуць, у кожнага будзе свой дом, які мы ім пабудуем. А калі раптам будзе вайна, то яны будуць змагацца не за міфічную Айчыну, а за свой род, за сваю сям’ю і селішча».

Самая набалелая тэма ў мясцовых жыхароў – нелюбоў да гарадскога жыцця, каштоўнасцяў капіталістычнага свету і гонкі за матэрыяльнымі выгодамі. Улад акцэнтуе ўвагу на няветлівасці гарадскіх жыхароў: «Мы хочам стварыць добрасуседскія адносіны. У гарадах людзі гадамі жывуць на адной лесвічнай пляцоўцы, але нікога не ведаюць і адно аднаму не дапамагаюць. Прывяду такі прыклад. Калі быў ураган Хаўер, нас заваліла снегам ледзь не да другога паверха. Мы стэлефанаваліся з суседзямі, і ні ў каго нават не было пытанняў – усё ўзялі рыдлёўкі і цэлы дзень прыбіралі снег. І слухалі па радыё, як ідуць справы ў гарадах. Віцебск стаіць – усе чакаюць, калі прыедуць ратавальнікі і пачысцяць дарогі».

«Самая набалелая тэма ў мясцовых жыхароў – нелюбоў да гарадскога жыцця, каштоўнасцяў капіталістычнага свету і гонкі за матэрыяльнымі выгодамі»

Улад бярэ невялікую перадышку, каб акрыяць ад абурэння, і працягвае: «А нашы бацькі жывуць у доме, дзе ёсць каля 180 кватэр. Ва ўсіх як мінімум па адным мужыку. І вось кожны з іх выходзіць на балкон і кажа сам сабе: «Та-а-ак, засыпала дык засыпала!» На наступны дзень: «Блін, ды што ж гэта такое! Чаму тэхніка дагэтуль не прыехала?» На трэці дзень: «Нават у краму не выйсці! Як жа я буду без гарэлкі, цыгарэт і хлеба?» А ў гэтых дамах сотні, калі не тысячы людзей! У Менску тое ж самае было, і ў гарадах заўсёды так... Наша нацыя стамілася ад рэвалюцый, і таму ніхто не хоча мяняцца».

Гутарку пра перавагі жыцця на прыродзе працягвае Сяргей, які мяккім, чароўным голасам распавядае аб сваім расійскім селішчы «Каўчэг»: «У нас праводзяцца музычныя класы, развітая альтэрнатыўная адукацыя. У нас ёсць моладзевы лагер, куды з’язджаюцца падлеткі з розных краін. Гэта зусім розны кантынгент і, хутчэй за ўсё, многія прыязджаюць, таму што гэта самае таннае месца, дзе можна адпачыць. Яны недзе пачулі, што за 4500 расійскіх рублёў можна два тыдні пажыць на прыродзе, і прыехалі. Ім было цікава пабыць сярод людзей, якія не п’юць, не паляць, не лаюцца матам, дзе няма глянцаваных свістаплясак і гламуру, пантоў і касметыкі».

Бліжэй да дзесяці гадзінаў вечара ўсе раптам збіраюцца класціся спаць. Напрыканцы Сяргей чытае дзецям казкі, з калонак камп'ютара льюцца навагоднія песні, а Ала спявае калыханку малодшаму сыну. Упершыню за дзень атмасфера перастае быць напружанай, мітусня у доме сыходзіць у нуль. Я засынаю пад гукі мелодый, якія Ала працягвае ціхенька напяваць у суседнім пакоі.

 

 

Зімовы побыт

На наступны дзень я выпраўляюся ў рэйд па іншых сем’ях, якія засталіся тут на зімоўку. Як высветлілася, у «Звон-Гары» прапісана 14 сем’яў, дзевяць з іх жывуць тут увесь год. Астатнія яшчэ дабудоўваюць дамы.

Пры ранішнім святле заўважаю тое, чаго не відаць было напярэдадні: нідзе няма платоў, затое амаль ля кожнага дома стаіць машына. «А хіба аўтамабіль з’яўляецца паказчыкам дастатку?» – успамінаю я ўчорашнія словы Эмы, якая прыехала з Віцебска на іншамарцы. Тут у кожнага ёсць па некалькі прафесій, якія дазваляюць зарабляць грошы, у той час як асабістыя агароды пазбаўляюць ад выдаткавання грошай на ежу. Мясцовыя жыхары займаюцца аграэкатурызмам, сельскай гаспадаркай і пячной справай, ладзяць тэматычныя майстар-класы, выкладаюць замежныя мовы і музыку ў школах непадалёк, робяць зрубы. Хтосьці па-ранейшаму працуе ў горадзе.

У «Звон-Гары», зразумела, няма школы. Таму дзеці навучаюцца дыстанцыйна ў вясковай школе паблізу, куды ездзяць пару разоў на месяц. Таксама кожная сям’я раз на тыдзень забірае ўсіх дзяцей да сябе і навучае таму, што сама ведае: мовам, біялогіі, астраноміі і гэтак далей. Тут абмежаваны доступ да інтэрнэту: «Белтэлекам» адмовіўся праводзіць сетку ў вёсачку на 14 сем’яў. Таму пакуль што горцы задавольваюцца 3G-мадэмамі. «Яны яшчэ не ведаюць, як мы разрасцемся!» – усміхаецца Ала.

Разам з ёй мы гуляем па галоўным «праспекце». Вось альтанка, дзе летам праводзяцца розныя мерапрыемствы: вячэрнія сходы, гульні, дыскусіі. З гэтай пляцоўкі адкрываецца від на абшары, якія мяжуюць з Пскоўскай вобласцю. Вось хатка Аляксандра і Наталлі – зараз яны жывуць у лазні, пакуль узводзяць новы дом па сучасных экалагічных тэхналогіях. Вось дом архітэктара, спраектаваны і пабудаваны ім самім – гэта быў першы будынак з такім купалам на ўсёй постсавецкай прасторы. Вось і мужчыны – яны паснедалі і сышлі будаваць клуб, у якім можна будзе праводзіць агульныя сходы зімой. А ў гэтым доме – бабулька-алкагалічка, якая жыве тут з часоў, калі заснавальнікі «Звон-Гары» яшчэ не нарадзіліся. Гавораць, выпіўку ёй на матацыкле прывозіць сацыяльны работнік, які абавязаны за ёй даглядаць. Яе дом – адзіны абгароджаны плотам. Зазірнуўшы туды і нікога не ўбачыўшы, я заходжу ў суседнюю хату – у госці даКацярыны і Уладзіміра.

«Голымі нагамі Каця таксама мые бялізну: налівае ваду ў тазік і адбівае рэчы ступнямі»

Каця – далікатная дзяўчына са стомленым позіркам, але поўная гатоўнасці адстойваць свае перакананні. Яна ганарыцца сваёй методыкай па наборы вагі, якой ёй так не хапае праз вегетарыянства. Зразумеўшы, што арганізм практычна не збірае запасаў, Каця вырашыла хадзіць басанож. На яе думку, гэта стымулюе адкладванне тлушчаў, хоць і штучнае. Голымі нагамі яна таксама мые бялізну: налівае ваду ў тазік і адбівае рэчы ступнямі. З кайфам распавядаючы пра гэта, яна корміць сняданкам сваю дачку Русаву, а скончыўшы, пачынае рыхтаваць абедзенныя стравы разам са сваёй мамай. З лёгкім трапятаннем яна паказвае на вакно, за якім віднеецца шэраг маленькіх дрэў: «Іх пасадзілі на наша вянчанне з Вовам. Наогул тут ёсць традыцыя саджаць кедравыя алеі ў памяць пра сваіх продкаў. Можна падысці да кожнага сваяка, пагаварыць».

Пакінуўшы Кацярыну рыхтаваць абед для згаладнелага мужа, я адпраўляюся ў дом да Ірыны. Напярэдадні мне паказвалі відэарэпартажы, якія ўжо трансляваліся на розных тэлеканалах, і вобраз менавіта гэтай дзяўчыны асабліва ярка адбіўся ў маёй свядомасці. Унутранае чуццё не падводзіць: яна і сапраўды працятая праўдзівай жаноцкасцю і літаральна свеціцца шчасцем. Аказваецца, што ёй 35, і ў мінулым яна была паспяховай прадпрымальніцай. Але, аб’еўшыся жыццём бізнэс-вумэн, жанчына зарэгістравалася на сайце руху родавых селішчаў «Звенящие кедры», дзе сустрэла свайго будучага мужа – кіяніна Анатоля. З захапленнем распавядаючы пра яго, Ірына па звычцы ставіць абедзенную талерку і для мужа, забыўшыся, што той цяпер у камандзіроўцы ў Віцебску.

Тут ведаюць толк у падрыхтоўцы сытных вегетарыянскіх страў. У кожным доме абавязкова ёсць самаробны бездражджавы хлеб, кіслая капуста, мноства закатак і салатаў. А Ірына нават налаўчылася рабіць перапечкі з буракоў і рыхтаваць ежу з пустазелля.

 

 

Маладзецкія забавы

Вываліўшыся з-за стала, мы ідзем на свята «Маладзецкія забавы», прызначанае для абмену досведам паміж «Каўчэгам» і «Звон-Гарой». Дзеці, дарослыя, коткі, сабакі і нават бабуля-алкагалічка ў ролі назіральніка збіраюцца разам на прасторным скрыжаванні, гуляюць у дваровыя гульні, водзяць карагоды, спяваюць пад гукі баяна і дзякуюць адно аднаму. «Усе думаюць, што нам няма чым заняцца на прыродзе, а мы часам просім адно аднаго прыбраць хоць бы трэцюю частку нашых сумесных заняткаў, таму што проста не хапае часу на ўсё!» – весела крычыць Ірына ў віхуры танцаў.

Усе гэтыя нязвыклыя і даўно забытыя гульні дапамагаюць пазбавіцца ад маіх назапашаных крыўдаў і падазрэнняў. З кожным выбухам смеху становіцца лягчэй дыхаць, на твары трымаецца ўсмешка і здаецца, што я знаходжуся ў нейкай гогалеўскай п’есе. Магчыма, такія паселішчы і сапраўды можна назваць уцёкамі ад сябе і горада, але, чорт вазьмі, людзі тут выглядаюць шчаслівымі!

«Успамінаю ўчорашнія словы Сяргея: ‘’Нас цікавіць жыццё да лічбавай эпохі: хто хацеў пагутарыць, той выходзіў на двор і размаўляў з жывымі людзьмі»

На шляху на аўтобус да Віцебска ўспамінаю ўчорашнія словы Сяргея: «Нас цікавіць жыццё да лічбавай эпохі: хто хацеў пагутарыць, той выходзіў на двор і размаўляў з жывымі людзьмі, вадзіў карагоды, слухаў спевы бабуль. Карагод не проста танец, гэта сакральнае дзейства. Напрыклад, у хлопца няма дзяўчыны, ён пакружыўся ў карагодзе – і яго адпусціла, напружанне упала. Ад такога вопыту спадаюць усе коканы і маскі, якія грамадства спрабуе на нас начапіць. І табе перастае быць сорамна, што ты вось такі, які ты ёсць».

У аўтобусе я заўважаю прапахлую тытунём бабулю з коткай ў авосьцы, п’янаватага хлопца, шторкі з дывана. Мяне нібы выкідвае з чыстага белага студзеня ў бруднаваты гідкі люты. Пачынаю зноўку адчуваць, што трэба змагацца не толькі за месца пад сонцам, але і за месца ля акенца. Цікава было б зноў з’ездзіць у «Звон-Гару» гадоў праз пятнаццаць і даведацца, як склаўся лёс Дабраны, Елізара, Лады, Ведаміра, Русавы, Святагора, Лелі і Святаяра, каб зразумець, што мацнейшае – традыцыі і выхаванне альбо несупынны бег часу і тэхналогій.

 

Фота і тэкст by Таня Капітонава

Крыніца: http://34mag.net/pravincyja/post/lyudzi-na-zyamli/




Вернуться